Сустрэча са святым Мікалаем

21 июня 2017

Першая група паломнікаў з Полацкай епархіі вярнулася з Масквы, куды ездзіла пакланіцца мошчам Божага угодніка святога Мікалая. У паездцы бралі ўдзел і вернікі Докшыцкага благачыння.

Дзень, праведзены ў Маскве, для многіх стаў самым яркім і непаўторным у іх духоўным жыцці. Яго чакалі, хваляваліся, паўсутак ехалі, пераадольваючы розныя спакусы. Але што такое дарожныя іспыты ў параўнанні з хуткім спатканнем са святым Мікалаем! Шлях паломніка – гэта менавіта пераадоленне ўласнай немачы, без якога немагчыма ўзыходжанне духа чалавечага, яго еднасць з Богам.

Айцец Георгій Мялешка, які праводзіў нас ад Свята-Пакроўскай царквы, бласлаўляючы, наказваў ехаць з радасцю, не замахвацца на вялікае, задавальняцца малым, не наракаць, цярпець і любіць. Мы стараліся прытрымлівацца наказу благачыннага і, пэўна, таму ўсё атрымалася.

Храм Панцелеiмона Лекара ў Полацку, дзе спыніліся на малебен з айцом Аляксандрам Таляронкам, праводзіў цёплым сонейкам, а вось Масква сустрэла пахмурнай раніцай. На яе не зважалі, а чарга, што на некалькі кіламетраў расцягнулася па Фрунзенскай набярэжнай, здавалася кароткай фінішнай прамой, якая не аддаляла, а, наадварот, набліжала сустрэчу з самым вялікім святым Праваслаўя. Мы ніколі не былі ў італьянскім мястэчку Бары, але не раз звярталіся ў сваіх малітвах да хуткага памочніка ў самых, здавалася б, безнадзейных справа і невырашальных праблемах – святога Мікалая. Вось апошнія сотні метраў шляху – і перад беларускімі паломнікамі ва ўсёй прыгажосці і велічы паўстаў храм Хрыста Збаўцы.

Сэрца захвалявалася, замерла ў чаканні цуда, а потым, здавалася, зусім перастала біцца, калі разам з дарагім бацюшкам апынуліся пад купалам незямной прыгажосці храма. Некалькі дзесяткаў крокаў, пара хвілін, праведзеных у каўчэга з мошчамі і адчуванне таго, што ты нарадзіўся нанова. Атрымалі іконкі – падарунак Патрыярха, падалі спіскі і толькі на прыступках дайшлі да памяці. Няма тых слоў, каб перадаць тое, што адбылося з намі. Вялікая радасць паглынула і не адпускае яшчэ і сёння.

А ў тую адметную для нас пятніцу, не зважаючы на амаль бяссонную ноч і стому, дзякуючы арганізатару паездкі Алене Калач, пазнаёміліся яшчэ з адной святыняй Масквы – храмам Новапакутнікаў і Спавядальнікаў Царквы Рускай на крыві, што на Лубянцы, асвячэнне якога адбылося зусім нядаўна. Будаўніцтва сабора прымеркавана да стагоддзя трагічных падзей, якія распачалі эру ганенняў на веру і яе слуг – святароў. Ён з’яўляецца як бы Помнікам перамогі Госпада нашага Ісуса Хрыста і Яго святых вучняў. Велічная архітэктура храма, яго багатае ўбранства – усё нясе радасць і свет Уваскрашэння Хрыстова, перамогі Царквы на злом свету, вечнага жыцця над смерцю. Магутнасць храма, яго непараўнальная прыгажосць уражвае да немагчымасці.

Да святой Матронушкі ехалі, як да роднай, блізкай, бо многія з паломнікаў ужо раней пакланяліся святой старыцы. Неслі ёй кветкі, чыталі акафіст і дзякавалі за тое, што памятае пра нас, не кідае, і зноў прасілі міласці, кожны аб сваім, і чакалі ўцяшэння, дапамогі. Святая Матронушка, малі Бога пра нас.

Засыпаў дожджык, а калі сціх, моцна запахла бэзам, так, як і любіла дарагая старыца. Усё зроблена. Дзень на заканчэнні. I на сэрцы становіцца сумна. Яшчэ б крыху ўбачыць, адчуць, пабыць у той радасці, якая магчыма толькі ў святым месцы. Але трэба вяртацца ў родную Беларусь і мы тры гадзіны выязджаем з Масквы, трапляючы ў аўтамабільныя пробкі, а за акном аўтобуса праплываюць маскоўскія адметнасці. Любуемся макаўкамі храмавых купалаў, фатаграфуем і разумеем, што ў хуткім часе зноў рушым да старажытных манастыроў і святынь на сустрэчу са святам душы, бо па-іншаму ўжо жыць немагчыма.

  • Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ, паломніца.

Обращение

Требуется помощь в восстановлении храма-усыпальницы Римских-Корсаковых, находящегося в д. Мыщено Полоцкого района

Подробнее >>

poezdki

help

Икона дня