Адкрыты дыялог. Размова пра духоўнае, надзённае, важнае

26 ноября 2017
У чытальнай зале раённай бібліятэкі 23 лістапада гаварылі пра духоўнае жыццё на Міёршчыне, абмяркоўвалі праблемы сучаснага грамадства, завастралі ўвагу на вызначальнай ролі сям’і ў выхаванні чалавека.
Адкрыты дыялог “Да духоўных вытокаў” праводзіўся па ініцыятыве райкама ГА “БРСМ” пры падтрымцы раённай бібліятэкі і быў прымеркаваны да 1025-годдзя Полацкай епархіі. 
 
ПЕРШЫ сакратар райкама ГА “БРСМ” Вікторыя Пяткевіч прадставіла гасцей. З працоўнай моладдзю сустрэліся благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка, псіхолаг Наталля Чыркова, псіхіятар-нарколаг Вольга Баравік, галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Пятрова.
 
НАШУ штодзённасць запаўняюць клопаты. У кругазвароце рабочых момантаў і хатніх спраў важна не забывацца на духоўны складнік. Пра гэта гаварыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка. Азнаёміла з канфесіянальным складам насельніцтва Віцебскай вобласці і Міёрскага раёна. На Віцебшчыне 17 канфесій, дзейнічае 551 рэлігійная абшчына. Праваслаўных – 289, каталіцкіх – 94, стараабрадчых – 18. На міёрскай зямлі пятнаццаць праваслаўных храмаў, чатыры касцёлы, дзве стараабрадчыя царквы. Многія рэлігійныя збудаванні з’яўляюцца помнікамі архітэктуры. Захаваць духоўныя каштоўнасці – задача цяперашняга пакалення.
 
ЯК ЗАЎВАЖЫЎ благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч, рэлігійныя перакананні – справа індывідуальная. Між тым гісторыя сведчыць, што хрысціянства нясе дабро. Па вучэнні царквы, душа чалавека – вечная. Таму ў хуткаплынных зямных днях трэба памятаць пра духоўнае выратаванне. Жыць з любоўю да Бога і людзей, рабіць добрыя справы, каяцца ў грахах. Святар упэўнены, што страх Божы ёсць у кожным. Дзесяцігоддзі ганенняў на рэлігію не змаглі перамагчы сілу веры. Аднак пакінулі свой горкі след. У 1910 годзе ў Полацкай епархіі служылі 250 святароў, цяпер 50. 
 
МОЖА БЫЦЬ, біч сучаснага грамадства – алкагалізацыя – у пэўнай ступені вынікае з гадоў атэізму, гаварыла галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Пятрова. Часты госць у нядобранадзейных сем’ях, пра наступствы шкоднай звычкі яна ведае не па чутках. Алказалежнасць перадаецца ў спадчыну ад бацькоў дзецям. Гэта сур’ёзная пагроза для будучых пакаленняў. Па-словах псіхіятра-нарколага Вольгі Баравік, бязшкодных доз спіртнога не існуе, а якасць напою не з’яўляецца страхоўкай ад алкагалізму. Хваробу выклікаюць і дарагі каньяк, і таннае “чарніла”. Залежнасць – складнік структуры асобы і пазбавіцца ад яе складана, заўважыла псіхолаг Наталля Чыркова. Шкодную залежнасць можна спрабаваць перавесці ў станоўчае рэчышча. 
 
АСОБНУЮ ўвагу падчас адкрытага дыялогу надавалі сям’і як першакрыніцы духоўнасці, выхавання, станаўлення асобы. Будаваць сямейныя адносіны – штодзённая праца. Няпростая, але ўдзячная. Менавіта ў бацькоў дзіця бярэ прыклад. Як сябе паводзіць, да чаго імкнуцца, якія патрэбы ставіць на першае месца. Таму важна пачынаць духоўнае выхаванне з сям’і. 
 
ДОБРЫМ памочнікам і дарадчыкам для дзяцей, моладзі, дарослых былі і застаюцца кнігі. Бібліятэкары пазнаёмілі з выставай духоўнай літаратуры. Кожны чытач знойдзе карысныя для сябе друкаваныя радкі.
 
Удзельнікі адкрытага дыялогу за дзве гадзіны закранулі многія пытанні, прыйшлі да пэўных высноў, атрымалі інфармацыю для разваг. Чырвонай ніткай праз размовы праходзіла думка пра духоўнасць, якая пачынаецца з любові, разумення, узаемадапамогі, добрых спраў.
 
  • Кацярына Рынкевіч. Фота Казіміра Блажэвіча

Обращение

Требуется помощь в восстановлении храма-усыпальницы Римских-Корсаковых, находящегося в д. Мыщено Полоцкого района

Подробнее >>

poezdki

help

Икона дня